02.11.2022

Творчасць Якуба Коласа – гэта своеасаблівы летапіс  жыцця народа, летапіс праўдзівы і хвалюючы.

                                                                                     (Міхась Лынькоў)

   

Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Такі  след пакінуў і выдатны чалавек,  класік сусветнай і беларускай літаратуры,  народны паэт Беларусі, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч — Якуб Колас (сапраўднае імя  Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).

Шлях, які прайшоў Якуб Колас, — адметны. Галоўныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці — сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша,  імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, любоў да радзімы і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў.

Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве.

Імем Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.

Вобраз пісьменніка ўвасоблены ў творах выяўленчага мастацтва. Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа пакладзены ў аснову дакументальных фільмаў.

Дзякуючы генію Якуба Коласа наша беларуская літаратура, беларуская кніга сталі вядомымі свету. Творы вялікага класіка перакладзены  на 40 моў. У іх – душа нашага беларускага народа, яго самабытная культура, якая з дапамогай майстэрскага слова заняла сваё пачэснае месца ў сусветнай культуры.

З выставай “Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш…”, прысвечанай жыццю і творчасці выдатнага пісьменніка, можна азнаёміцца па адрасе: пр-т Касманаўтаў,70 (корпус № 4).